RU | EN | 中文
eye

Вынікі марафона «Мова родная — мова модная»

У марафоне «Мова родная — мова модная» (выкананне беларускіх песен) перамагла студэнтка 123 групы Анжэла Бусева. Яна выканала песню на словы Максіма Багдановіча, музыка Лявона Вольскага «Скандынаўская песня». Словы верша ўваходзяць у першую і адзіную прыжыццёвую кніжку Максіма Багдановіча “Вянок”, якая была выдадзена 28 снежня 1913 г. ў віленскай друкарні Марціна Кухты.

Антон Луцкевіч, вядомы публіцыст, літаратуразнавец, крытык, гісторык, лінгвіст, грамадска-палітычны дзеяч, даў такую рэцэнзію на паэтычны зборнік «Вянок»: «Усё ў яго выходзіць у такіх мяккіх тонах, быццам на старых тканінах габеленаў; усё сагрэта шчырым пачуццём ды ўсё гэта жыве, выдаецца рэальным. Багдановіч умее ўсё ажывіць, ператварыўшы па-свойму. І лёгка льюцца яго вершы кунштоўнай філіграннай работы, а кожын формаю падходзіць да думкі. Думак тых – багата, і вось бачым у вянку вершы такой формы,такой будовы, – часта вельмі рэдкай, – якой могуць пахваліцца толькі найбольш культурныя народы з найвышэй развітай літаратурнай мовай.«

Пранікнёнае выкананне студэнткай “Скандынаўскай песні” выклікала захапленне і працяглыя воплескі у слухачоў. Ад шчырага сэрца віншуем Анжэлу Бусеву з песенным дэбютам, які адбыўся 23 верасня ў чытальнай зале бібліятэкі БДУФК!