RU | EN | 中文
eye

30 сакавіка ў 15.00 у актавай зале універсітэта адбудзецца спектакль “Пад покрывам заступніцы святой”

У Год гістарычнай памяці і ў рамках духоўна-асветніцкага праекта “Прападобная Еўфрасіння Полацкая — асветніца зямлі беларускай” 30 сакавіка 2022 года ў 15.00 у актавай зале універсітэта адбудзецца спектакль “Пад покрывам заступніцы святой”. 

Ініцыятарам праекта з’яўляецца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт сумесна з Дабрачынным фондам “Пакроў” і Полацкім жаночым Спаса-Еўфрасіннеўскім манастыром.

Благаславенне на пастаноўку спектакля студэнты БДУ, удзельнікі гурта “Лілея” клуба аматараў мастацкага слова “КЛУмБа”, атрымалі ад ігуменні Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра матушкі Еўдакіі.

Важную ролю ў пастаноўцы іграе крыж Еўфрасінні Полацкай, які падарыў універсітэцкай часоўні Дабрачынны фонд “Пакроў”. Вядома ж, гэта не той крыж-рэліквія, які быў згублены беларусамі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Але ж па ўсіх сваіх параметрах універсітэцкі крыж поўнасцю супадае з арыгіналам. Ён быў асвечаны ў Полацкім манастыры і прыкладзены да мошчаў святой Прападобнай Еўфрасінні Полацкай. 

Пастаноўка напісана на беларускай мове. Ролі выконваюць студэнты філалагічнага і гістарычнага факультэтаў, а таксама факультэта міжнародных адносін. Амаль усе яны родам з Полаччыны – калыскі святой Еўфрасінні.

У паэтычным спектаклі гучаць вершы  Навума Гальпяровіча, Людмілы Рублеўскай, Кацярыны Роўда і інш. сучасных беларускіх паэтаў.

Эмацыянальнае ўздзеянне на гледачоў узмацняе музычнае і песеннае суправаджэнне спектакля.

Прэм’ера адбылася 19 снежня 2021 г. на сцэне жаночага Свята-Елісавецінскага манастыра. Падзякаваў артыстаў і сказаў ім сваё пастырскае слова духаўнік манастыра, протаіерэй Андрэй Лемяшонак: “Ваш спектакль дорыць чысціню і святасць, якой так не хапае ў сучасным свеце…  Абавязкова паказвайце яго моладзі. Ідзіце ў студэнцкія аўдыторыі…  А мы чакаем вашы новыя спектаклі”.

Праз тыдзень спектакль з поспехам прайшоў на праваслаўным калядным фестывалі «Радасць» у Палацы Мастацтваў для ўдзельнікаў свята, сяброў і знаёмых. 

На пачатку 2022 г. гурт “Лілея” выступіў на сцэне Лагойскага дома-інтэрната для прэстарэлых і інвалідаў.

Апошнімі гледачамі паэтычнай пастаноўкі сталі выкладчыкі і навучэнцы Полацкага дзяржаўнага медыцынскага каледжа.  

Запрашаем усіх жадаючых!