RU | EN | 中文
eye

Літаратурна-музычная гасцёўня «Якая цудоўная родная мова!» прайшла ва ўніверсітэце

24 лістапада на кафедры беларускай і рускай моў факультэта аздараўленчай фізічнай культуры адбылася літаратурна-музычная гасцёўня «Якая цудоўная родная мова!»

Мерапрыемства праводзілася сумесна з Мінскім гарадскім аддзяленнем ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і Беларускім саюзам музычных дзеячаў. Вяла праграму старшы выкладчык кафедры Вераніка Аляксандраўна Каламійцава.

Мэтай факультэцкага мерапрыемства літаратурна-музычнай гасцеўні «Якая цудоўная родная мова!» з’яўляецца папулярызацыя беларускай мовы сярод студэнцкай аўдыторыі, адлюстраванне прыгажосці, непаўторнасці, мілагучнасці, музычнасці роднага слова, выхаванне гонару і павагі да нацыянальнай каштоўнасці.

Францыск Скарына пісаў: «Любіце і шануйце, як святыню, роднае слова, з якім вас літасцівы Бог на свет пусціў». Вялікую зацікаўленасць у прысутных  выклікала прадметнае разважанне на тэму: «Мова як жывы арганізм чалавека». З ім выступіў старшыня МГА ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі, паэт, празаік, перакладчык, мовазнавец, крытык Міхась Паўлавіч Пазнякоў. Ён цікава распавёў і пра сваю новую кнігу «Голас», прачытаў некалькі ўласных вершаў пра родную мову. М.П.Пазнякоў прэзентаваў кафедры беларускай і рускай моў «Слоўнік эпітэтаў беларускай літаратурнай мовы».

На творчай сустрэчы цёплымі і добрымі словамі ўспомнілі паэта, выкладчыка беларускай мовы Міколу Віктаравіча Шабовіча, які некалькі гадоў працаваў на кафедры беларускай і рускай моў. Аматар творчасці М.Шабовіча публіцыст Таццяна Плашчынская ў гонар памяці пранікнёна прадэкламавала яго вершы і «Баладу Міколы Шабовіча,» якую напісаў вядомы паэт Віктар Шніп.

Сагравалі душу ўсіх прысутных чулыя вершы маладой паэткі Кацярыны Роўда. Асабліва крануў яе верш «Светлай памяці творчых настаўнікаў прысвячаю.»

З цеплынёй слухалі песні на словы М.Шабовіча «У марах толькі ты» і «Яшчэ пакуль не лістапад» у выкананні маладога і таленавітага кампазітара і спевака Аляксандра Страцэўскага.

Пранікнёныя выказванні пра беларускую мову прагучалі з вуснаў студэнтаў 020 групы, якія прымалі актыўны ўдзел у музычна-літаратурнай гасцёўні. Усіх прысутных крануў верш «Родная мова» Пімена Панчанкі, які чыталі юныя выканаўцы.

Яскравым нумарам гасцёўні стала выступленне Лізаветы Дайлідзёнак, студэнткі 023 групы. Сваім чароўным голасам яна выканала песні на словы Міхася Башлакова «Зоркапад» і на словы Яўгеніі Янішчыц «Ты пакліч мяне, пазаві.» Музыку да вершаў Л. Далідзёнак напісала ўласна. Аляксей Ралло ўзнёсла і шчыра прачытаў верш Анатолія Балуценкі  «Сінявокія азёры.»

Фінальным акордам прагучала песня «Беларуская мова» на словы і музыку В.Карпанава, якую выканалі студэнты 020 групы разам са сваім выкладчыкам В.А. Каламійцавай.

Літаратурна-музычная гасцёўня «Якая цудоўная родная мова!» — сумесны творчы праект, які аб’яднаў выкладчыкаў, пісьменнікаў, паэтаў, кампазітараў, спевакоў, студэнтаў і гасцей.

Мерапрыемства дадзенага маштабу сведчыць пра тое, што ў студэнцкім асяроддзі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры шануюць, любяць, ганарацца вялікім нацыянальным скарбам — роднай беларускай мовай — каштоўным багаццем народа.

Публіцыст Таццяна Плашчынская, якая прысутнічала на імпрэзе,  адзначыла: «Творчая сустрэча стала праменьчыкам сонца ў гэты пасмурны дзень. Была радасць і гонар за маладых людзей. Мова — душа народа, векавая памяць многіх пакаленняў. Жыве мова — жыве народ, жыве памяць продкаў.»