RU | EN | 中文
eye

Cувораўцы Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча наведалі басейн БДУФК і прынялі ўдзел у велапрабегу

Нядаўна сувораўцы 3 роты Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча наведалі вучэбна-спартыўны комплекс «Плавацельны басейн», дзе з прывітальным словам іх гасцінна сустрэў яго дырэктар Усовіч Віталій Юр’евіч. Інструктар па плаванні Дубовік Ірына Мікалаеўна правяла для сувораўцаў майстар-клас, а падлеткі прадэманстравалі свае здольнасці і дасягненні ў дадзеным відзе спорту.

Дзякуючы кафедры веласіпеднага, канькабежнага і коннага спорту, якая прадаставіла для правядзення мерапрыемства веласіпеды, для сувораўцаў таксама быў арганізаваны велапрабег на стадыёне БДУФК, па наваколлі праспекта Пераможцаў, наведванне мемарыяла «Шталаг-352». Сувораўцы мелі гонар сустрэцца са знакамітым велагоншчыкам, алімпійскім чэмпіёнам (1976 г., Манрэаль), чэмпіёнам свету (1977 г.) Уладзімірам Уладзіміравічам Камінскім, які паведаміў цікавыя факты пра веласпорт.

Вялікую падзяку рэктарату БДУФК за садзеянне ў арганізацыі мерапрыемстваў і прапагандзе здаровага ладу жыцця падрастаючага пакалення, а таксама ўсім, хто меў да гэтага дачыненне, выказваюць кіраўніцтва, афіцэры-выхавацелі, бацькоўскі камітэт і сувораўцы 3 роты МСВВ.

Дабрачынная акцыя БДУФК — каштоўны падарунак, які застанецца ў жыцці падлеткаў, дзякуючы гэтым спартыўным падзеям.

Дабрыня і здаровы лад жыцця няхай заўжды крочаць побач!

Сумесныя праекты БДУФК і МСВВ — гэта агульная справа на карысць усім, хто любіць спорт, імкнецца быць здаровым дужым і прыгожым, якая садзейнічае загартаванню характару, умацаванню здароўя і выхаванню высокага грамадзянскага духу! А фізічная культура і спорт — той капітал, які з’яўляецца фундаментам здароўя і росквіту падрастаючага пакалення.